Вы праглядаеце журнал [info]lady_z_shalomam

Перакладчыцкія планы

ham
Спіс апавяданняў пра Шэрлака Холмса, якія занятыя (а некаторыя ўжо ў працэсе ці нават перакладзеныя). Калі хтосьці з перакладчыкаў хоча - далучайцеся! Частка тэкстаў будзе абкатаная ў дэтэктыўным нумары "ПрайдзіСвета", які плануецца дзесьці ў пачатку сакавіка, ну і будзем спадзявацца, што рана ці позна зможам падрыхтаваць кнігу.

Такім чынам, ужо занятае ці нават у працы наступнае:


Спіс... )

Трэці пол

ham
Чытаю тут кнігу "Трэці пол" А.І.Белкіна, рускага псіхіятра, які апроч іншага займаўся вывучэннем гермафрадытызму. І з'ява гэтая, пра якую я нідзе раней нічога не чытала, як на мяне, можа разбурыць многія звязаныя з полам стэрэатыпы. Бо існуюць не толькі тыя, каго прыцягваюць прадстаўнікі таго ж полу (гомасэксуалізм), не толькі тыя, у каго фізічны пол не адпавядае ідэнтычнасці (транссэксуалізм), але і тыя, у чыім целе і свядомасці прысутнічаюць прыкметы абодвух полаў (інтэрсэксуалізм).
Чытаць болей... )
ham
***
Змрок. У доме больш нікога.
І не прыйдзе дапамога.
Снег сцяжыну зацярусіў,
Жаль згубіўся ў завірусе.

Трэба ў гэты снег паверыць,
На сябе яго прымерыць –
Гэтым зацяніцца ценем,
Гэтым занямець зняменнем.

Арыгінал... )

Паралелі

ham

                             Сэкешфэхервар, Венгрыя                                            Быдгашч, Польшча

30 Сак 2012

ham
Ну што я магу сказаць - калі новы нумар ПС пад кодавай назвай "ART DETECTED" выдаць асобнай кнігай, атрымаецца такая ж таміна, як "Маска Чырвонае Смерці" Эдгара По. Магчыма, па аб'ёме гэта самы вялікі нумар ПС, які мы выдавалі.

Дэтэктыўны нумар detected

rat
Вось ён, новенькі, свежанькі і доўгачаканы, гэтым разам прысвечаны высокаму мастацтву дэтэктыўнай гісторыі. Зараз буду з усіх бакоў хваліць новы нумар, калі каму не цікава, ідзіце сабе лесам далей :)


Пахвала дэтэктыўнаму ПС )
ham
Тут са мной падзяліліся з усіх бакоў прыемнай песняй. Прычым прыемнае ў ёй усё: і спявак, і яго голас, і музыка, і кліп, і простыя словы, і нават шрыфт, якім зробленыя субтытры. Карацей, вельмі раю, і geniet die liedjie!

Спевака завуць Ben Stof, ну і спявае ён, вядома, на самай прыгожай у свеце мове :)


ham
Паглядзела я экранізацыю "Пыхі і перадузятасці" 1940 году. Ну што тут можна сказаць? Усё даўно сказана да мяне, застаецца хіба што падзяліцца самымі яркімі ўражаннямі ад гэтых "Знесеных пыхай і перадузятасцю", як называюць фільмус у некаторых рэцэнзіях.

Безумоўна, самы любімы мой момант - гэта калі Лізі дэманструе містэру Дарсі свае таленты ў стральбе з лука. Тут яна абыходзіць яго на ўсе сто - Дарсі проста ўражаны. Зрэшты, уражаны ён з самага першага кадра і цягаецца за ветранай какеткай ужо пачынаючы з таго самага танца ў Мэрытане (і што ён тады меў на ўвазе пад трыма хвілінамі раней сказанай фразай пра "tolerable"?). Толькі п'яныя да страты прытомнасці Лідыя і Кіці перашкаджаюць яму зрабіць Лізі прапанову яшчэ на балі ў Нэзэрфілдзе, а калі ён рашаецца на гэта ў гасцях у лэдзі Кэтрын дэ Бург, Лізі, вядома ж, абкладае яго па ўсіх франтах, не забываючы пры гэтым усплакнуць пра горкі лёс сястры, разбураны злачыннымі інтрыгамі Дарсі. Карункавая насовачка глядзелася вельмі пераканаўча, скажу я вам. Хто ж памірыць закаханых (бо хутка Лізі паспее прачула прызнацца Джэйн, якой жа яна была дурай і як напраўду кахае Дарсі)? Ну як хто, лэдзі Кэтрын дэ Бург! Яна прыязджае да Бэнэтаў і пасля бурных высвятленняў стасункаў з Лізі вяртаецца да Дарсі, каб сказаць яму: "Ну, чувак, цяпер твая чарга. Яна там ажно памірае, так хоча цябе бачыць". А шчаслівы фінал надыходзіць не пасля доўгачаканых заручынаў Бінглі з Джэйн і Дарсі з Лізі, а пасля намёку на падобную сітуацыю паміж (!) пакоўнікам Фіцуільямам і (!) Мэры.

І ледзь не забыла пра яшчэ два трымтлівыя моманты - пра гонку экіпажаў місіс Бэнэт і яе сястры (прызом была магчымасць першай разнесці суседзям навіну пра засяленне Нэзэрфілда) і кансультацыю доктара, які ледзь не на лаціне расказваў Джэйн, як моцна тая прастыла, тым часам як містэр Бінглі з-за шырмы перакладаў дзяўчыне гэтыя мудрыя сентэнцыі на ангельскую мову. Было там яшчэ штосьці пра тое, што Бінглі з Джэйн памірыла Кэралайн, але ў канцы я ўжо не надта сачыла за сюжэтам... Ох, а ружовы сад, у якім Дарсі другі раз прасіў рукі Элізабэт (на заднім фоне Бінглі акурат падаў на калена)! Карацей, усё, проста ўсё, што трэба для поўнага чалавечаскага шчасця.

Рынальда

ham
Учора ледзь не выпадкова трапіла на "Рынальда" Гендэля ў канцэртным выкананні "Lautten Compagney". Чарговы раз упэўніўшыся, што Гендэль проста цуда які прыўкрасны, зрабіла для сябе адкрыццё: калі на асобных сольных арыях якога-небудзь Вердзі я, што ўжо там маніць, часам магу і заснуць, то на барочнай оперы не засну нават у палову першай ночы.

Доўга выбірала, які юцюбік павесіць, але вочы разбегліся. Ну вось хаця б гэты:



Ну і не магу не павесіць яшчэ гэта. Хацела знайсці што-небудзь падобнае на ўчарашняе выкананне з прыгожым відэа, але давялося выбіраць адно з двух.

ham
А вось урэшце і кніга, за якую я на прэміі Гедройца заўзею. Калі яна па ўсіх параметрах не падыходзіць на ролю пераможцы, то я чагосьці не разумею ў літартаратурным працэсе (што таксама не выключана). І калі гэтая кніга не пераможа, у мяне для гэтага будзе толькі адно тлумачэнне: журы вырашылі пачакаць наступнага году і ўганараваць яе аўтара за "Гамбургскі рахунак", які на той момант, спадзяюся, ужо выйдзе і раскупіцца, як гарачыя піражкі.

Originally posted by [info]maryjka_ at АНАТОМІЯ МЕЛАНХОЛІІ АЛЬГЕРДА БАХАРЭВІЧА
Спецыяльны праект Літаратурнай прэміі, які змусіў 6 беларускіх крытыкаў ацаніць 12 кніг 2001 года,  завершаны. Ганна Янкута напісала рэцэнзію на кнігу Альгерда Бахарэвіча і з'ехала за мяжу.

Трывожна: калі галоўная ўзнагарода прэміі Гедройца дастанецца Бахарэвічу, ці не давядзецца журы разам з аргкамітэтам тэрмінова прасіць паэтычнага прытулку ў Польшчы?

Беручы пад увагу страх і нянавісць у беларускім Лас-Вегасе, гэта цалкам верагодна.

Усё праясніцца 3 сакавіка, у Міжнародны дзень пісьменніка.

З 17:00 - глядзіце прамую трансляцыю ўручэння прэміі на сайце svaboda.org

Блог Прэміі Гедройца развітваецца з вамі да наступнага тыдня. 
 

Тэкст апошні

АНАТОМІЯ МЕЛАНХОЛІІ АЛЬГЕРДА БАХАРЭВІЧА

Ганна Янкута  пра "Малую медычную энцыклапедыю Бахарэвіча"

У “Малой медычнай энцыклапедыі” ёсць штосьці ад сярэднявечных бестыярыяў, для якіх жывёлы былі толькі нагодай пагаварыць пра мараль і сэнс жыцця. Меланхалічнае сузіранне розных частак чалавечага арганізму адбываецца таксама не пад лозунгам “анатомія дзеля анатоміі”: як даўнейшыя аўтары бестыярыяў супрацьпастаўлялі “чыстым” стварэннямі, што сімвалізуюць Хрыста, “нячыстыя” ўвасабленні д’ябла, так і

Альгерд Бахарэвіч праводзіць мяжу паміж станоўчымі (інтым-шоп, памяць, масаж) вобразамі здароўя людзей і супольнасцяў і негатыўнымі (дыслексія, урынатэрапія, алкагалізм) метафарамі хворага грамадства. Вынікі праведзеных ім аналізаў паказваюць катастрафічны характар эпідэміі меланхоліі, якія прымушаюць самога доктара злегчы з яе сімптомамі. Зрэшты, тут яму ўсё ж такі пашанцавала, бо ў Сярэднявеччы ўся гэтая гісторыя магла скончыцца аўтадафэ, а таму губляць надзею не варта: з часам аўтарскі “Фізіёлаг” Альгерда Бахарэвіча можа страціць сваё сімвалічнае значэнне і пачне выкарыстоўвацца выключна на ўроках па медыцынскай падрыхтоўцы



ham
Originally posted by [info]maryjka_ at ВЕТРАКІ Ў ГОЛЫМ ПОЛІ
Адсылаючы матэрыял на пару тысяч знакаў рэдактарам вэб-парталаў, часта атрымліваеш тэкст назад з заданнем "падкараціць", бо чытач "не адужае".

Ніякай літасці фармату твітэра. У рамках спецыяльнага праекту Літаратурнай прэміі Гедройца - рэзэнзіі  на творы намінантаў. 12 кніг, 12 крытычных разбораў 12 тысяч знакаў. Кожны.


Тэкст другі

ВЕТРАКІ Ў ГОЛЫМ ПОЛІ

Ганна Янкута тлумачыць "Словы ў голым  полі" Яна Максімюка  - "Дон-Кіхтота сучаснай беларускай літаратуры"

"Давайце зірнем на Дон Кіхота ў хвіліну спакою, калі ў бітве з ветракамі набліжаецца часовае перамір’е. Ён сядае і ў храналагічным парадку збірае свае падарожныя нататкі розных гадоў — з 1996 па 2010, — і гэтая яго перамога зусім не фантомная: што б ні здарылася далей, свет атрымаў матэрыяльнае сведчанне, якое пацвярджае існаванне ветракоў. “Словы ў голым полі” — гэта не толькі хроніка бітваў, летапіс пераможных кампаніяў і гісторыя дзіўных войнаў. Гэта яшчэ і інвентарызацыя наяўных інструментаў, перагляд запыленай і заржавелай зброі, якую трэба пачысціць і, можа, аднесці ў рамонт. Бо ветракі не спяць". 

Гульня ў абаснуй

ham
Учора а сёмай зазваніў мабільны. Нумар быў незнаёмы, але вырашыла падняць. З другога боку кінулі слухаўку. Але на гэтым справа не скончылася. Хвілінаў праз пятнаццаць з таго самага нумару прыйшла СМС прыкладна наступнага зместу (вядома ж, па-руску): "Прывітанне, магчыма ўсё будзе добра. Але з Оляй усё нармальна. Нарэж цыбулі і пастаў у кожным куце". Прачытаўшы апошнім часам з нагоды падрыхтоўкі дэтэктыўнага нумару ПС безліч дэтэктываў, я цэлы дзень расказвала ўсім навокал пра гэтую СМС і прапаноўвала прыдумаць яе абгрунтаванне. Прыватна ў мяне ёсць некалькі версіяў (адна з іх перадугледжвае ўдзел сярэднестатыстычнай мармонскай сям'і — муж і дзве жонкі, — якая карыстаецца цыбуляй як афрадызіякам). Можа, ёсць яшчэ якія тлумачэнні (з улікам папярэдняга званка, альбо без яго)?

Задумеська

ham
Цікава, хто-небудзь ужо растлумачыў, як аўтарка такіх прыўкрасных раманаў, як "Пыха і перадузятасць" і "Нортэнгерскае абацтва", а таксама спакойных і досыць прадказальных твораў "Эма" і як-там-па-нашаму "Persuasion", магла напісаць такую доўгую, нудную рэч, як "Мэнсфілд-парк", дзе героі схематычныя і да таго ж прапісаныя непаслядоўна, а сюжэт выглядае непрадуманым і ў дзірках, якія нягегла прыкрываюцца чымсьці накшталт маралі?

Ці то Джэн, ці то Эйр...

ham
Пасля прагляду “Крэнфарда” села перачытваць “Джэн Эйр” і злавіла сябе на тым, што не бачыла ніводнай экранізацыі гэтага рамана. Было б цікава паглядзець класічную, у духу “Пыхі і перадузятасці” (з Колінам Фёртам) ці “Розуму і пачуцця” (з Х’ю Грантам і Аланам Рыкманам), экранізацыю, але яшчэ цікавей было б паглядзець фільм, стваральнікі якога паставіліся б да галоўнай гераіні як да недакладнага (ці як там беларускае літаратуразнаўства называе “недостоверного”) апавядальніка. Дзяўчынцы васямнаццаць гадоў, і пры гэтым яна такая ўся правільная і разважлівая. Не, ніякім чынам я не збіраюся ставіць пад сумнеў яе шчаслівы і годны шлюб, але чаму не магло апынуцца так, што яна нешта недагледзела ці недаразумела? Ці ўвогуле пераблытала? Абодва вобразы – і Рочэстэр, і Сэнт-Джон – даюць шмат магчымасцяў для інтэпрэтацыі.

А ўвогуле такі аповед – вельмі цікавая задача для перакладчыка. Калі аднойчы я ўсё ж адолею “Пыху і перадузятасць”, а “Трыстрам Шэндзі” ўсё яшчэ будзе падавацца занадта сур’ёзным выклікам, я, можа, і вазьмуся за “Джэн Эйр”. Але гэта будзе яшчэ вельмі няхутка.
jack
Ніхто не любіць ангельскую літаратуру ХІХ стагоддзя больш за мяне. Паглядзела пяцісерыйны бібісішны “Крэнфард” па матывах Элізабэт Гаскел. Саму кнігу не чытала, але загадзя асуджаю. Нездарма я дэгуль чытала толькі адно яе апавяданне, і яно падалося мне ў навышэйшай ступені занудным. Калі сюжэт рамана мае хоць што-небудзь агульнае з сюжэтам фільмам, чытаць яго, мабыць, проста немагчыма.

Чытаць болей... )

Неяк так

rat
Нягледзячы ні на што, ёсць што ўспомніць.

За гэты год выйшлі два вялізныя нумары “ПС”, якія мы так і не назвалі двайнымі, — афрыканскі і беларускі. Урэшце з’явіўся першы зусім-зусім папяровы вынік працы “ПС” — зборнік апавяданняў, вершаў і эсэ Эдгара По “Маска Чырвонай Смерці”. Здаецца, кніга трапіла ва ўсе выніковыя рэйтынгі.

Што да мяне, дык я скончыла ўрэшце “Калядны харал” Дыкенса, пераклала некалькі апавяданняў пра Шэрлака Холмса і добры кавалак аповесці “Знак чатырох” Артура Конана Дойла, паўтара зборніка казак Тона Тэлегена і кучу паэтычных і празаічных твораў для “ПС” з ангельскай, польскай, афрыкаанс, скотса і ідыша.

Звольнілася і ні разу не пашкадавала. Засела за вывучэнне двух моваў: афрыкаанс і ідыш (першай пашанцавала болей). Затое ведаю цяпер габрэйскі алфавіт. Пачала і закінула вывучэнне ісландскай і навагрэцкай. Прачытала кучу кніг (сярод іх ладная частка — дэтэктывы Агаты Крысці і Роберта ван Гуліка). Амаль скончыла глядзець серыял “Boston Legal”, дзякуючы якому ў маім жыцці з’явіліся цудоўныя людзі: Алан Шор, Джэры Эспінсан, Шырлі Шміт, Карл Сак, Кэці Лойд і нават у некаторай ступені Дэні Крэйн.

Відаць, яшчэ штосьці пераклала і забыла. Надта мала для аднаго году атрымліваецца.

Нідэрландская калядка

rat
Год ці два таму мы з [info]kastani пераклалі для аднаго праекта нідэрландскую калядку. Пра яе далейшы лёс я не ведаю — спяваў яе хтосьці ці не спяваў. Хай вісіць тут.

Калядка, верагодна, была вядомая яшчэ ў 15 стагоддзі. Існуе яна ў дзвюх версіях — каталіцкай (даўжэйшай на адзін слупок) і пратэстанцкай. Мы пераклалі пратэстанцкую. Арыгінал не вешаю, ён ёсць у субтытрах да відэа.


Мы цябе вітаем
(Nu zijt wellekome)

Мы цябе вітаем, дарагі Ўладар.
Прыйшоў да нас ты з высяў, ад самых хмар.
Мы цябе вітаем, ты нябёсаў светлы дар.
Ты сышоў аднойчы на наш зямны абшар.

Славім Цябе!

А над пастухамі новы спеў лунаў,
Што Збаўца нарадзіўся, ніхто не знаў.
Каб Яго пабачыць, разам крочце ў Віфлеем.
Сёння мы Ісусу ізноў хвалу пяем.

Славім Цябе!

Мудрацы з Усходу праз пяскі й вятры
Прынеслі Немаўлятку свае дары:
Міру, ладан, золата ціхмяна аддалі
Хлопчыку-Ісусу – Збаўцу ўсёй зямлі.

Славім Цябе!

Вялікае ўра!

ham
Літаральна толькі што скончыла перакладаць "Калядны харал" Чарлза Дыкенса — засталося адрэдагаваць і ўдакладніць асобныя спрэчныя месцы. Пераклад гэты расцягнуўся на два з паловай гады са значнымі перапынкамі, і я ўжо перастала верыць, што калі-небудзь яго скончу. Такім чынам, гэта самы вялікі на сённяшні дзень перакладзены мной празаічны твор. Ура!
ham
Страшна люблю палякаў. Вось даследуюць яны, напрыклад, паўднёваафрыканскую літаратуру. І атрымліваецца, што афрыканеры пазычалі ў Міцкевіча. А можа, ўсё ж не пазычалі?.. Але падобна на тое, што пазычалі. А нават калі і не пазычалі, то ўсё адно так нагадвае Міцкевіча...

Trochę szczegółów... )

09 Снж 2011

ham
Пра тое, што сама па сабе тэма зямлі і бедных сялянаў не такая ўжо і пройгрышная, сведчыць раман Жазэ Сарамагу, назва якога ў рускім перакладзе гучыць як "Поднявшийся с земли" (адгадайце, хто перакладчык). Нягледзячы на тое, што аўтар камуніст. Маўчу-маўчу, ніякіх высноваў.

Хаця нельга не прызнацца: раман сваім любімым творам Сарамагу я не назаву.

Latest Month

Тра 2012
S M T W T F S
  12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031  

Syndicate

RSS Atom
Распрацавана LiveJournal.com
Designed by Akiko Kurono